Галоўная Дзейнасць Навіны У Будславе адзначылі Сусветны дзень дзіцяці і сустрэчу першакамунійных дзяцей

У Будславе адзначылі Сусветны дзень дзіцяці і сустрэчу першакамунійных дзяцей

У суботу 6 чэрвеня ў Нацыянальным марыйным санктуарыі ў Будславе адбылося святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, якое традыцыйна было спалучана са штогадовай сустрэчай дзяцей, што ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію.
Больш за 700 дзяцей з розных куткоў Беларусі прыбылі ў Будслаў разам са сваімі бацькамі, катэхетамі і душпастырамі, каб сабрацца каля Маці Божай Будслаўскай на супольную малітву, святкаванне і сустрэчу ў вялікай сям’і Касцёла.
Галоўнымі арганізатарамі сустрэчы выступілі салезіяне Беларусі на чале з адказным за душпастырства моладзі ў салезіянскіх структурах ксяндзом Алегам Каралёвым SDB. У падрыхтоўцы і правядзенні свята таксама ўдзельнічала Місія Добрага Самараніна на чале з сястрой Чаславай Навіцкай USJK, а таксама шматлікія валанцёры і аніматары.


На пачатку сустрэчы ўдзельнікаў прывітаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх перадаў дзецям, іх бацькам і катэхетам словы прывітання і благаслаўлення ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які не змог прысутнічаць асабіста з-за іншых пастырскіх абавязкаў.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп Юрый прапанаваў усім на хвіліну суцішыцца, паглядзець у вочы Маці Божай Будслаўскай і падумаць пра сваю самую важную мару, давяраючы яе Божай Маці.
Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас гаміліі ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB звярнуўся да дзяцей з простым, але вельмі красамоўным прыкладам. Святар распытаў дзяцей, што яны бяруць з сабой у школу ці ў падарожжа. Сярод розных адказаў найбольшую ўвагу прыцягнуў заплечнік.


Разважаючы над гэтым вобразам, салезіянін адзначыў, што кожны чалавек носіць з сабой своеасаблівы «духоўны заплечнік», у якім збіраюцца розныя цяжкасці, клопаты і праблемы. Як дзіця звяртаецца да сваёй маці, калі не можа справіцца з цяжкім заплечнікам, так і хрысціянін можа прыходзіць да Маці Божай са сваімі жыццёвымі цяжарамі і прасіць Яе занесці іх да свайго Сына Езуса Хрыста, які заўсёды прыходзіць на дапамогу чалавеку.
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч асабліва павіншаваў дзяцей, якія сёлета ўпершыню прынялі Езуса ў святой Камуніі.


«Жадаю вам, каб, прыняўшы Езуса ў сваё сэрца, вы шукалі і прасілі для сябе вялікага дару Святога Духа, якім былі напоўнены Апосталы і з якога распачаўся наш Каталіцкі Касцёл», — адзначыў біскуп.
Пасля святой Імшы ўдзельнікаў чакаў перапынак, падчас якога дзеці, бацькі і душпастыры мелі магчымасць адпачыць і падзяліцца ўражаннямі ад перажытага свята. Наступным пунктам праграмы стала забаўляльная частка, падрыхтаваная салезіянскімі аніматарамі. Нягледзячы на невялікі дождж, які некалькі разоў нагадаў пра сябе на працягу дня, настрой удзельнікаў заставаўся па-сапраўднаму святочным. Дзеці з вялікай радасцю ўдзельнічалі ў бансах, конкурсах, рухомых гульнях і супольных забавах. Дзіцячы смех і ўсмешкі сведчылі пра тое, што нават надвор’е не змагло перашкодзіць радасці сустрэчы.
Асаблівым момантам пасляабедзеннай праграмы стала тэатральная пастаноўка, падрыхтаваная братамі капуцынамі. Праз сцэнку пра жыццё святога Францішка Асізскага ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Богу, любові да бліжняга і клопату пра стварэнне.


Напрыканцы сустрэчы ўсе сабраліся на супольную малітву, падчас якой дзякавалі Богу за перажыты дзень, дар веры і магчымасць сабрацца разам каля Маці Божай Будслаўскай. Завяршылася свята благаслаўленнем, якое ўдзельнікам удзялілі прысутныя біскупы, жадаючы дзецям і іх сем’ям вернасці Хрысту, радасці ў штодзённым жыцці і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сустрэча ў Будславе яшчэ раз паказала, што Касцёл жыве маладосцю сваіх дзяцей, а супольная малітва, радасць і сяброўства дапамагаюць адкрываць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці.
Для многіх дзяцей, асабліва тых, хто ў гэтым годзе прыняў Першую святую Камунію, гэтая сустрэча стала прыгожым працягам іх духоўнага шляху і магчымасцю перажыць сваю веру ў вялікай супольнасці аднагодкаў.

Падзяліцца: