Галоўная Дзейнасць Навіны 13 чэрвеня ў Турыне адбудзецца дыяканскае пасвячэнне беларуса Міхаіла Вішнеўскага SDB

13 чэрвеня ў Турыне адбудзецца дыяканскае пасвячэнне беларуса Міхаіла Вішнеўскага SDB

13 чэрвеня ў Турыне беларускі салезіянін Міхаіл Вішнеўскі SDB зробіць чарговы важны крок на шляху свайго паклікання. Падчас урачыстай святой Імшы ў Базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў на Вальдока ён разам з сямнаццаццю сабратамі-салезіянамі атрымае сакрамант дыяканскага пасвячэння з рук дапаможнага біскупа Турына мансеньёра Алесандра Джыруадо.
Літургія распачнецца а 15.00 па мясцовым часе ў сэрцы салезіянскага свету — у святыні, цесна звязанай з жыццём і дзейнасцю святога Яна Боска.
Дыяканскае пасвячэнне займае асаблівае месца ў жыцці Касцёла. Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдаты атрымліваюць сакрамэнтальную ласку для служэння Божаму народу ў абвяшчэнні Евангелля, літургіі і справах любові.
Для Міхаіла гэта важная і радасная падзея, якая становіцца плёнам многіх гадоў фармацыі, малітвы і вернага адказу на Божы заклік.
Разам з невялікай дэлегацыяй з Беларусі на гэтую ўрачыстасць накіраваўся дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB, які будзе прадстаўляць беларускую салезіянскую супольнасць падчас гэтай важнай падзеі.
Запрашаем усіх вернікаў, сяброў і знаёмых злучыцца ў малітоўнай падтрымцы Міхаіла Вішнеўскага SDB, просячы для яго вернасці пакліканню, мудрасці, пакоры і шчодрасці ў служэнні Богу і людзям.

Падзяліцца: